21 лютага - Міжнародны дзень родный мовы. Родная мова — гэта душа народа, яго гісторыя і будучыня. Педагагічныя работнікі падрыхтавалі для выхаванцаў і іх бацькоў цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы, каб паказаць хараство і мілагучнасць роднай мовы.
Выхаванцы малодшых груп з задавальненнем пагрузіліся ў свет народнага мастацтва праз настольны тэатр «Курачка-рабка». Дзеці не толькі ўважліва слухалі знаёмую казку, але і далучаліся да абыгрывання персанажаў на беларускай мове.
Сапраўдным святам стала драматызація беларускай народнай казкі «Зайкава хатка». Праз гульню і тэатральнае дзейства яны адчулі мудрасць народнай казкі і прыгажосць беларускага маўлення.
Вялікую цікавасць у дзяцей выклікала дыдактычная гульня «Адкажы, што пакажу». Мэтай гульні было замацаванне ўмення называць гародніну на рускай і беларускай мовах, выкарыстоўваць у маўленні прыметнікі, якія характарызуюць гародніну, правільна вымаўляць словы па-беларуску. Дзеці з азартам адгадвалі і апісвалі дары прыроды на дзвюх мовах.
Не засталіся ўбаку і бацькі. Для іх была арганізавана акцыя «Маё любімае слова па-беларуску». Мамы і таты з задавальненнем дзяліліся тымі цёплымі і пяшчотнымі словамі, якія яны любяць і хочуць перадаць сваім дзецям, папаўняючы скарбонку роднай мовы.
Завяршыўся дзень яркім чэленджам для дзяцей «Я размаўляю на беларускай мове». Выхаванцы з гонарам чыталі вершы, спявалі песні і проста гаварылі па-беларуску, паказваючы, што мова жыве і развіваецца, пакуль на ёй гавораць дзеці.
Дзякуем усім удзельнікам за любоў да роднага слова і клопат пра яго захаванне!









